Лельчыцы ў час Вялікай Айчыннай вайны

Вайна, якую распачала 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія супраць Савецкага Саюза, стала суровым выпрабаваннем для нашага народа, у тым ліку і для жыхароў Лельчыц. Жыхары гарадского пасёлка Лельчыцы ў 12 гадзін слухалі па радыё выступленні намесніка старшыні Савета Народных Камісараў СССР, наркома замежных спраў В.М.Молатава, з якого даведаліся, што пачалася вайна. Жыццё ўсяго раёна адразу змяніла сваю хаду. Вялікая краіна паднімалася на бой. Цяжкі і крывавы. Згодна з пастановай ЦК КП(б)Б ад 22 чэрвеня 1941 года “Аб загадах і мерапрыемствах у сувязі з выступленнем па радыё намесніка старшыні СНК СССР В.М.Молатава” ў гарадскім пасёлку і раёне былі прыняты тэрміновыя загады па пераводзе ўсяго жыцця на ваенны лад. Адбыліся мітынгі і сходы, на якіх працоўныя раёна выказвалі гнеў і абурэнне да фашысцкіх агрэсараў, якія вераломна парушылі пакт аб ненападзенні, упэўненасць у хуткім разгроме немецка-фашысцкіх захопнікаў. Пачынаючы з 23 чэрвеня райваенкамат пачаў праводзіць мабілізацыю ваеннаабавязаных. Да канца жніўня 1941 года раён з’яўляўся тылавым, а потым прыфрантавым. Гэта акалічнасць дазволіла ажыццявіць шэраг мерапрыемстваў па пераводзе ўсяго жыцця на ваенныя рэйкі, правесці эвакуацыю матэрыяльных каштоўнасцей, маёмасці калгасаў, МТС у савецкі тыл. У Лельчыцкім раёне, улічваючы яго спецыфічнае масцараспалажэнне, буйных абаронных баёў не было. Ён знаходзіўся ў баку ад напрамкаў галоўных удараў ворага – 80 кіламетраў ад чыгункі і 65 кіламетраў ад шашы ў цяжкапраходнай мясцовасці. У ліпені – жніўні на тэррыторыі раёна трымалі абарону Лельчыцкі ўмацаваны раён, пагранічны атрад і Лельчыцкі знішчальны батальён. Паўстае пытанне: адкуль у Лельчыцкім раёне з’явіліся і дзейнічалі пагранічнікі. Справа ў тым, што пасля ўз’яднання заходніх абласцей Беларусі і Украіны і ўстанаўлення новай дзяржаўнай граніцы адначасова працягвалася ахова старой. На былой савецка-польскай граніцы дзейнічалі заставы, камендатуры і атрады, ствараўся як бы двайны фільтр для лазутчыкаў, якіх у даволі вялікай колькасці засылала нямецкая разведка, іншых парушальнікаў. З гэтай нагоды засталіся на беларускім Палессі, Лельчыцкі і Жыткавіцкі пагранічныя атрады. У сярэдзіне жніўня 1941 года часці Чырвонай Арміі і пагранічнікі пакінулі Лельчыцкій умацаваны раён, перадаўшы мясцоваму партызанскаму атраду, які быў створаны ў пачатку ліпеня з партыйна-савецкага актыву раёна поводле пастановы Палескага абкома КП(б)Б, шмат узбраення, боепрыпасаў, у тым ліку дзясяць станкавых кулямётаў. 

                             

                         Партызанскі рух на тэрыторыі Лельчышчыны

 Да канца жніўня 1941 года ўся тэрыторыя Палескай вобласці была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аднак у іх тыле ў Лельчыцкім раёне працягвала існаванне Савецкая ўлада, падтрыманая ўзброенай сілай партызанскага атрада, які налічваў 120 чалавек. Да акупацыі раёна партызаны атрада неслі ахову раённага цэнтра і сельсаветаў, разам з супрацоўнікамі НКУС вылаўлівалі фашысцкіх дыверсантаў, дызерціраў, вялі актыўную агітацыйную работу сярод жыхароў. Каб перашкодзіць доступ гітлераўцам на тэрыторыю раёна, партызаны ўзарвалі ўсе масты на дарогах і грэблях па якіх акупанты маглі прайсці. Факт існавання на тэрыторыі Лельчыцкага раёна савецкай улады выклікаў занепакоеннасць немцаў. З верасня яны прадпрынялі першую спробу пранікнуць на тэрыторыю раёна і разграміць партызанскій атрад. Для гэтага быў кінуты буйны карны атрад, які складаўся з 300 салдат і афіцэраў. Партызаны сустрэлі фашыстаў на подступах да Лельчыц і стрымлівалі іх націск да раніцы 4 верасня. Толькі пасля таго, як карнікі атрымалі падмацаванне, партызаны вымушаны былі і поўным парадку, без страт адысці ў лес паміж вёскамі Данілевічі і Шугалеі. Гітлераўцы ж страцілі звыш 30 сваіх салдат і афіцэраў. Гэта было першае баевое хрышчэнне атрада. 4 верасня фашысты ўварваліся ў гарадскі пасёлак Лельчыцы і адразу ж прыступілі да крававай расправы. Яны сагналі ў двор НКУС і раённы Дом культуры 800 жыхароў гарпасёлка яўрэйскай нацыянальнасці (у Лельчыцах у гэты час знаходзіліся і яўрэйскія семьі з Тураўскага раёна, якія ўцякалі ад праследвання фашыстаў) і пачалі дзікунскую расправу. Вялікімі групамі яўрэйскія сем’і выводзіліся за гарпасёлак і растрэльваліся. Дзяцей кідалі ў ямы жывымі. Закончыўшы сваю крывавую справу, фашысцкія каты, баючыся партызан, пакінуклі Лельчыцы. 9 верасня партызанскі атрад уступіў у гарадскі пасёлак, і зноў у раёне была адноўлена савецкая ўлада. Аднак фашысты не змірыліся з такім становішчам. Яны не аднаразова спрабавалі пранікнуць на тэрыторыю раёна. 22 верасня гітлераўцы пры падтрымцы ўкраінскіх нацыяналістаў з вёскі Капішча Алеўскага раёна Жытомірскай вобласці прадпрынялі раптоўны напад на ўзвод партызан, які ахоўваў вёску Баравое. У гэты час у вёсцы знаходзіўся Тураўскі партызанскі атрад, які накіроўваўся ў савецкі тыл і спыніўся на адпачынак у Баравым. У крытычны момант бою на дапамогу абаронцам вёскі прыбылі на аўтамашыне партызаны з Лельчыц з двума станкавымі кулямётамі. Фашысты не чакалі такого моцнага націску партызан і, баючыся поўнага акружэння, уцяклі з вёскі, страціўшы забітымі 25 чалавек. Партызаны страцілі аднаго забітым. У гарадскім пасёлку Лельчыцы была створана група з 50 чалавек, якую ўзначалілі М.В.Кудзін, А.Я.Каленка. На жаль, сярод падпольшчыкаў аказаліся правакатары і ўсе члены групы ў ліпені 1942 года былі арыштаваны і растраляны фашыстамі. Разгром гарнізона ў Лельчыцах адыграў важную ролю ў стварэнні ў гэтых месцах абшырнага партызанскага краю. Адсюль у снежні 1942 года каўпакаўцы здзейснілі налёт на чыгуначны вузял Сарны. Яны ўзарвалі 5 буйных чыгуначных мастоў на магістралях вакол горада. Вузел на доўгі час быў выведзены са строю. Гэта вельмі ўстрывожыла нямецкае камандаванне. Каб знішчыць партызан у паўднёвых раёнах беларускага Палесся, яно кінула да 2-х дывізій пяхоты. Завязаліся ўпарныя баі. 12 снежня 1942 года на поўдзень ад вёскі Глушкавічы Лельчыцкі партызанскі атрад сумесна з дзвюмя ротамі 3-га батальёна злучэння С.А.Каўпака прынялі бой з гітлераўцамі, якія да батальёна колькасцю 750 чалавек акапаліся ў лесе. Бой працягваўся чатыры гадзіны. У гэтым баі толькі на ўчастку, які займаў Лельчыцкі партызанскі атрад, было забіта 85 нямецкіх салдат і афіцэраў. Страты партызан склалі 6 чалавек забітымі і 7 параненымі. Лельчыцкі партызанскі атрад у гэты час знаходзіўся ў стане арганізацыі і не мог супрацьстаяць карнікам. У выніку гітлераўцы вымесцілі сваю злосць на мірных жыхарах раёна. Яны спалілі райцэнтр, растралялі яго жыхароў, а таксама вёскі Ручное, Чэмернае, Забалацце, Дубраўкі, Асянское, Астражанку і Убарцкую Рудню. Дзікунская расправа фашысцкіх акупантаў над мірнымі жыхарамі раёна выклікала гнеў і абурэнне сярод насельніцтва. У партызанскія атрады пачаўся прыліў новых сіл. Да мая 1943 года ў Лельчыцкім партызанскім атрадзе налічвалася 215 чалавек, якія мелі на ўзбраенні 139 вінтовак, 7 аўтаматаў, 5 ручных кулямётаў. У красавіку 1943 года партызанскія групы былі арганізаваны ў вёсках Мілашавічы, Глушкавічы. Шмат жыхароў было мабілізавана ўкраінскімі партызанскімі злучэннямі Каўпака, Сабурава, Фёдарава, Мельніка. На тэрыторыі Лельчыцкага раёна дзейнічалі партызанскія фарміраванні іншых раёнаў, у тым ліку 130-ая Петрыкаўская, 50-ая Жыткавіцкая, 37-ая Ельская брыгады. Многія рэйды ўкраінскіх партызанскіх злучэнняў пачыналіся на беларускай зямлі і ў першую чаргу на тэрыторыі Лельчыцкага раёна. Сюды ж яны вярталіся знясіленыя пасля сваіх баявых паходаў. Вясной 1943 года намаганнямі мясцовых партызан і ўкраінскіх злучэнняў Лельчыцкі раён стаў цэнтрам партызанскага краю, які ахопліваў 14 раёнаў Беларусі і Ураіны ў чатырохвугольніку Алеўск – Оўруч – Мазыр – Тураў з насельніцтвам каля 200 тысяч чалавек. Народныя мсціўцы наносілі ўсё больш моцныя ўдары па акупантах. Так у ноч на 4 мая 1943 года Лельчыцкі атрад і батальён са злучэння ўкраінскіх партызан А.Ф.Фёдарава сумеснымі намаганнямі разграмілі буйны гарнізон праціўніка ў вёсцы Скрыгалава. Партызаны энішчылі шмат варожых салдат і афіцэраў, акружылі і спалілі казармы, склад з узбраеннем і боепрыпасамі, вывезлі 95 павозак прадуктаў і солі, захапілі ў якасці трафеяў узбраенне, боепрыпасы, абмундіраванне. У маі 1943 года ў Лельчыцы самалётамі былі дастаўлены 2 групы арганізатараў малдаўскіх партызанскіх атрадаў. Хутка пры садзеянні беларускіх і ўкраінскіх партызан яны выраслі ў самастойныя буйныя атрады. У канцы мая - пачатку чэрвеня ў Лельчыцах на базе арганізацыйнай групы ЦК КП(б) Малдавіі на чале з Чабанавым быў створаны трэці партызанскі атрад. У чэрвені па рашэнні ЦК КП(б) Малдавіі гэтыя тры атрады, якія атрымалі баявое хрышчэнне ў Лельчыцкім раёне, былі зведзены ў 1-ае Малдаўскае злучэнне, камандзірам якого стаў В.А.Андрэеў.