А ці ведаеце вы? 
                      (цікавыя факты і падзеі з гісторыі краю)

А ці ведаеце вы, што ўпершыню Лельчыцы ў пісьмовых крыніцах успамінаюцца ў 1569 годзе. З гэтага часу яны вядомы, як мястэчка Мазырскага павета, Мінскага Ваяводства, Вялікага Княства Літоўскага. Але існуюць сцвярджэнні, што пасяленне Лельчыцы існавала яшчэ ў ХV ст. Так, 31 мая 1412 года Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт пажалаваў біскупу Віленскаму Мікалаю і ўсім яго наступнікам “…Зямлю нашу ўсю Убарць каля ракі Убарць з усімі сёламі і прыналежнасцямі…” 


 А ці ведаеце вы, што тэрыторыя нашага краю не заўсёды была такой, як цяпер. Вялікія змены адбываліся на ёй. На працягу некалькіх мільярдаў гадоў геалагічнай гісторыі зямная кара ў межах нашага краю зведала шматлікія павольныя хістаючыя рухі. Падняцце зямной кары чарадаваліся з апусканнямі, мора шмат разоў змянялася сушай, а суша морам. І вучоныя сцвярджаюць, што выхад граніта на паверхню зямлі ў раёне в.Глушкавічы сведчыць аб тым, што тут раней расцілалася мора. Потым мора пачало скарачацца да памераў вялікага возера, якое называлася Каменае. Тут злучаліся водныя і сухапутныя шляхі з гандлёвых гарадоў Луцка і Наваград-Валынскага на Тураў, Пертыкаў і Мазыр. У канцы XVII ст. з Глушкавіч дастаўляліся мачтавая сасна і карабельны дуб для будаўніцтва расійскага флоту. Пацверджанем гэтаму з’яўляецца той факт, што ў пачатку ХХ ст. у балоце Сянчоўе, што каля Глушкавіч, былі знойдзены карабельныя ланцугі і якар. 

 А ці ведаеце вы, што першапачатковае засяленне раёна адбывалася на фоне кліматычных змяненняў. Апошні ледавік, які 18 000 гадоў назад спыніўся на шыраце г.Оршы, перашкаджаў першабытнаму чалавеку існаваць бліжэй, чым 300 км. ад яго мяжы. І з-за халодных вятроў, якія дзьмуць ад ледавіка, акаляючы наваколле ў гэтым раёне, нагадвала арктычную паўпустыню. Найбольш спрыяльныя для жыцця ўмовы склаліся прыблізна 12-10 тыс. гадоў назад, калі ледавік адышоў на поўнач ад мяжы рускай раўніны. Рэльеф Лельчыцкага раёна тады ўстанавіўся канчаткова ў блізкім к сучаснаму выглядзе. 

 А ці ведаеце вы, што яшчэ зусім нядаўна (50-я гг. ХХ ст.) наша Убарць была сплаўнай. Па ёй на плытах сплаўлялі лес у раку Прыпяць да Петрыкава, Турава і далей аж да Брэста. А ўпершыню зрабіў раку сплаўнай князь Масальскі, епіскап Віленскі, які валодаў маёнткам Лельчыцы. …І ў 1789 г. у яго маёнтку пабудаваны судны, нагруджаныя значнаю партыяй паташу, упершыню прайшлі гэтай ракою і затым Прыпяццю да Мухавецкага канала… Вось з тых часоў па рацэ Убарць плавалі розныя судны, барты, на якіх перавозіліся розныя грузы.

 А ці ведаеце вы, што ў 1933 г. у нас у раёне налічвалася 34 прадпрыемтвы рознага тыпу: вадзяныя, ветраныя млыны, кравецкія, шавецкія арцелі і г.д. У адной толькі вёсцы Буда-Сафіеўка, напрыклад, дзейнічалі лесапільны, хімічны і цагельны заводы, тут нават дзейнічала школа фабрычна-завадскога навучання. 

 А ці ведаеце вы, што першыя школы на тэрыторыі сучаснага Лельчыцкага раёна пачалі з’яўляцца толькі ў др. палове ХІХ ст. асноўнымі тыпамі ў 70-80-я гг. ХХ ст. з’яўляліся Народныя вучылішчы, царкоўна- прыхадскія школы і школы пісьменнасці. У 1913 г. у Лельчыцкім раёне дзейнічалі 7 народных вучылішчаў і некалькі царкоўна-прыхадскіх школ. У 1933 г. дзейнічала аж 93 4-х гадовых пачатковых школ. 

 А ці ведаеце вы, што найвышэйшая кропка ў нашым раёне знаходзіцца ва ўрочышчы Заграддзе на пауднёвым-усходзе ад Глушкавіч каля дарогі на Майдан-Капішчанскі – 167,4 м. Да іх ліку таксама адносяцца кропкі: ва ур. Таварыцкае паміж Запясочным і Мехачам – 167,3 м., ва ур. Таракатніца каля Слабады – 162,3 м., каля Буда-Сафіеўкі – 161,4 м., за 7 км. на паўднёвым-захадзе ад Глушкавіч – 160,5 м. на ўскрайку Воранава ва ур. Ельнікі і каля Буйнавіч – 160,4 м., ва ур. Пустая Гара за 3 км. ад Прыбалавіч – 160,1 м. Тэрыторыя вышынёй звыш 150 м. займае 30 %. А ці ведаеце вы, што самыя вялікія плошчы ў рэспубліцы, якія займае кустарнік рададэндрам жоўты (турэцкі багун ці пантыйская азалія), таксама размешчаны ў нашым раёне. У Глушкавіцкім і Маркоўскім лясніцтвах ён размешчаны на дзесятках кварталаў. 

 А ці ведаеце вы, што самым буйным журавінным заказнікам у Беларусі з’яўляецца Букчанскі, які заснаваны ў 1979 г. Паверхня-згладжаны балоцісты комплекс, цэнтральная частка бязлесся, непраходная. Галоўнае багаце заказніка – балотныя журавіны, сустракаецца і рэдкі барэальна-таёжны від – дробнаплодныя. 

 А ці ведаеце вы, што ў нашым раёне пад лясамі занята 68-70 % тэрыторыі, ён з’яўляецца самым лясістым у Беларусі. Лясы адносяцца да падзоны шырокалісцёва-хвойных. 70 % складаюць хвойныя, 15 – бярозавыя, 7,5 – дубовыя, 5- чорнаальховыя, 1,1 – асінавыя, 0,6 – топалевыя, 0,4 – яловыя і 0,2 – грабавыя. А ці ведаеце вы, што 16 жніўня 2008 г. былі зафіксаваны тэмпературныя максімумы за 100 гадоў. Максімальная тэмпература паветра ў гэты дзень была ў Лельчыцах + 38 о . Наогул маляўнічыя мясціны нашага раёна, а таксама шчырыя і таленавітыя людзі, якія жывуць тут, не раз прываблівалі ўвагу творчых людзей мастацтва і літаратуры. 

 А ці ведаеце вы, што хараство нашай прыроды, а таксама цікавыя факты гісторыі нашага краю знайшлі адлюстраванне і на старонках вядомых твораў мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры, а працавітыя і сумленныя людзі – нашы землякі, сталі прататыпамі герояў гэтых твораў. І менавіта тады ахопвае сапраўднае пачуццё гонару за свой край, калі сустракаеш на старонках савецкай сусветнай класікі мастацкай літаратуры знаёмыя імёны, прозвішчы, родныя геаграфічныя назвы. Так, аб нашым раёне распавядаецца ў аповесці Э.Скобелева “Хрысціна”, у гістарычным рамане Г.Сенкевіча “Крыжаносцы”, у кнігах В.Палтаран “Дзівасіл”, “Чалавек на вятрах часу”, А.Сцяпанава “Порт-Артур”, І.Коласа “Вяртанне з пекла”, А.Чакоўскага “Перамога” і шмат іншых. А ці ведаеце вы, што ў нас у раёне вяліся здымкі адной мастацкай і каля 10 дакументальных кінастужак. Гэта: “Спяшайся будаваць дом”, “Палескія калядкі”, “Галасы вякоў”, “Палескія вяселлі”, “Тонежскія бабы” і інш.